Да 120-годдзя з дня нараджэння на Першым нацыянальны канале Беларускага радыё праходзіць "Тыдзень Максіма Багдановіча"

Да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча Першы нацыянальны канал Беларускага радыё падрыхтаваў цыкл юбілейных праграм пад агульнай назвай “Тыдзень Максіма Багдановіча”. Перадачы гучаць у эфіры з 5 па 11 снежня 2011 года.

У штодзённым культуралагічным праекце “Культурная прастора” (16.15) ў тэматычнай рубрыцы “Чытаем Багдановіча разам” гучаць вершы класіка ў выкананні прадстаўнікоў розных сфер грамадства: дзеячаў культуры, навукі, студэнтаў, школьнікаў і г.д.
Аўтары праграмы “Нам засталася спадчына” разам з літаратуразнаўцамі прапанавалі слухачам прайсці “Шляхамі паэта”, даведацца пра яго біяграфію і лёс.

Праект “Роднае слова” паспрабаваў раскрыць сакрэт паэзіі Максіма Багдановіча праз адметнасць яго мовы.

7 снежня музычная радыёперадача “Беларуская калекцыя” звернулася да тэматычнай праграмы Уладзіміра Мулявіна на вершы Багдановіча “Вянок”, прэм’ера якой адбылася ў 1991 годзе ў Нью-Ёрку ў бібліятэцы ААН. У эфіры прагучалі фрагменты праграмы і цікавыя факты з гісторыі яе стварэння. А тэма згаданай перадачы 8 і 9 снежня - “Паэзія Богдановіча ў творчасці кампазітара Ігара Паліводы”. Слухачам будуць прадстаўленыя запісы поп-оперы “Максім”, якая ўпершыню прагучала ў 1992 годзе ў выкананні Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь (цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр) пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

У пятніцу, 9 снежня, ў дзень нараджэння класіка выйдзе спецыяльны выпуск праграмы “Літаратурны калейдаскоп” (21.00) пад назвай “Зорка Венера”.
“Тэатр Беларускага радыё” (21.00) ў суботу, 10 снежня, прапануе ўвазе сваіх аматараў літаратурна-музычную радыёкампазіцыю “Максім і Магдалена”.
І яшчэ адну прэм’еру “Апокрыф” (23.00) паводле паэзіі і прозы Максіма Багдановіча пачуюць прыхільнікі творчасці класіка ў праграме “Дабравесце ад паэзіі” ў нядзелю, 11 снежня.

* Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Рейтинг:

(1)