Радые "Сталіца" адзначае 20-годдзе вялікім святочным эфірам

  • 21.09.2018, 17:14
  • 3 874
  • 21 верасня радыёстанцыі спаўняецца 20 гадоў. У гэты дзень частата 105,1 FM загучыць бадзёрымі гітарнымі рыфамі і душэўнай лірыкай беларускіх рок-груп, а інтэрактыўны эфір парадуе слухачоў святочным афармленнем, морам падарункаў і сюрпрызаў, конкурсаў і прыемных сустрэч.

    Радые "Сталіца" адзначае 20-годдзе вялікім святочным эфірам


    Злавіўшы ў пятніцу звыклую хвалю рок-музыкі і найцікавейшага кантэнту, слухачы апынуцца ў гушчы падзей на святкаванні юбілейнага, дваццатага дня нараджэння, мабыць, самай гучнай радыёстанцыі краіны. На ўрачыстасць якаснага гуку, радасці і яркіх эмоцый запрошаныя ўсе!
    У гэты дзень студыя Дома радыё ператворыцца ў канцэртную пляцоўку, на якой ужывую выступяць адразу тры калектывы – «Палац», The Superbullz і :B:N:. Атрымаць асалоду ад выступленняў каманд у прамым эфіры, а таксама паслухаць інтэрв'ю з іх удзельнікамі можна будзе ў рамках праграмы «Крок да рока» у 10.10, 14.10 і 16.30. Вядучая святочных канцэртаў – Марына Савіцкая.

    Папулярныя народныя праграмы «Трое з настроем» у 07.00, «Ну і дзянёк» у 12.05 і «Сталічны навігатар» у 17.30 падрыхтавалі для слухачоў пазнавальныя віктарыны, вясёлыя гульні і, вядома, прыемныя прызы і падарункі.

    На працягу ўсяго дня «Сталіцу» будуць віншаваць музыканты, партнёры і сябры. Радыёслухачы таксама змогуць далучыцца да віншаванняў, паўдзельнічаць у віктарынах або проста перадаць прывітанне блізкаму чалавеку, адправіўшы SMS на кароткі нумар 9705. Дарэчы, гэты нумар – адзіны для ўсіх інтэрактыўных конкурсаў і праграм, падрыхтаваных творчым калектывам станцыі.

    На старонках «Сталіцы» ў сацсетках можна будзе пагутарыць з радыйшчыкамі, задаць свае пытанні і падрабязна азнаёміцца з праграмай юбілейнага эфіру.


    * Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

    Рейтинг:

    (0)
    TVnews.by