Мінчукам Euronews вернуць, калі ён будзе са зніжкай?

  • 05.03.2012, 18:00
  • 9 368
  • Перамовы па вяртанні канала Euronews у кватэры мінчукоў цягнуцца ўжо больш за два месяцы. Канал быў адключаны 1 студзеня і, нягледзячы на тое, што адразу былі спадзяванні на станоўчае вырашэнне гэтага пытання цягам некалькіх тыдняў, зрухаў у перамовах паміж Ліёнам і Мінскам не відаць і зараз.

    Паводле слоў прадстаўніка "Мінскіх тэлевізійных інфармацыйных сетак" Максіма Дубовіка, іх прадпрыемства не задавальняюць фінансавыя ўмовы, якія выстаўляе Euronews.

    Максім Дубовік: “Пазіцыя прадпрыемства (наконт заключэння пагаднення на трансляцыю канала Euronews — Еўрарадыё) не змянілася з моманту нашай апошняй з вамі тэлефоннай размовы”.

    Еўрарадыё: “А пазіцыя гэтая ў тым, што вас не задавальняюць камерцыйныя ўмовы?”

    Максім Дубовік: “Дакладна так”.

    Пра тое, якую лічбу МТІСу называе Ліён і на якой зніжцы настойвае сталічны аператар, суразмоўца не кажа. Маўляў, гэта камерцыйная таямніца.

    Цікава, што яшчэ ў мінулым годзе МТІС трансляваў у кватэры мінчукоў Euronews, набыўшы правы на паказ у таемнага расійскага пастаўшчыка па завышаным кошце. Гэтага не хавае нават начальнік упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Уладзімір Ядранцаў.

    Уладзімір Ядранцаў: “Дыстрыб’ютары, якія пастаўлялі канал у Рэспубліку Беларусь, паводле неправеранай інфармацыі, вельмі завышалі кошт і ён стаў непад’ёмным для МТІС”.

    Наколькі кошт быў завышаны, як і тое, што гэта быў за расійскі дыстрыб’ютар, ні ў МТІС, ні ў Мінінфармацыі не ўдакладняюць. Між тым вядома, што ў Ліёне вельмі здзівіліся, калі даведаліся, што пагадненне на паказ Euronews МТІС падпісаў не з імі наўпрост, а з нейкім пасярэднікам.

    Зараз гэтага пасярэдніка няма — перамовы ідуць наўпрост паміж Мінскам і Ліёнам. Але як вынікае са слоў Максіма Дубовіка, нават “незавышаны” кошт трансляцыі Euronews МТІС сёння не задавальняе — яны хочуць яшчэ зніжку.

    У Ліёне ж каментаваць эканамічны бок перамоў адмаўляюцца. Прадстаўніца канала Юлія Сільверстава спасылаецца на камерцыйную таямніцу.

    Юлія Сільверства: “Гэта камерцыйная таямніца і я не магу вам сказаць, ні на колькі менш будзе кошт, ні колькі ён будзе ўвогуле. Але сітуацыя нармальная і хутка павінна нешта быць канкрэтнае”.

    Між тым з дасведчанай крыніцы Еўрарадыё даведалася, што і сённяшняя прапанова Euronews прымальная для МТІС. Але рашэнне, маўляў, выносіцца не ў самой кампаніі.

    Эксперт: “Рашэнне прымаецца не ўнутры кампаніі. Пры гэтым саступкі былі атрыманыя (МТІС ад Euronews — Еўрарадыё). Праўда, насамрэч эканоміка пытання там досыць складаная: кошт кантракта яшчэ не азначае, што столькі і атрымліваецца. Там і падаткі вылічваюцца, і на канвертацыю нешта ідзе. Але зараз ніякіх эканамічных праблем не павінна быць і эканамічнай мэтазгоднасці ў тым, каб не ўключаць Euronews у МТІС, няма”.

    Эксперт сцвярджае, што за ўсёй гэтай гісторыяй стаіць Міністэрства інфармацыі — без яго санкцыі Euronews не адключылі б і зараз без санкцыі падключыць не могуць.

    Прадстаўнік МТІС Максім Дубовік гэта катэгарычна абвяргае. Ці прысутнічае адміністрацыйны рэсурс у перамовах з беларусамі, не хоча абмяркоўваць і Юлія Сільверстава. А начальнік упраўлення электронных СМІ Уладзімір Ядранцаў сцвярджае, што гэта — не больш як узаемаадносіны двух суб’ектаў гаспадарання. Умешвацца ў якія ў Мінінфармацыі няма ніякіх паўнамоцтваў.

    * Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

    Рейтинг:

    (0)
    Euroradio.By