Памёр самы стары беларус сьвету, асьветнік і навуковец Барыс Кіт

  • 02.02.2018, 18:34
  • 1 781
  • 1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцьця памёр вядомы беларускі дзяяч замежжа, грамадзянін ЗША Барыс Кіт.

    Памёр самы стары беларус сьвету, асьветнік і навуковец Барыс Кіт

    Пра сьмерць Барыса Кіта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Тамара Казевіч.

    «Яму было вельмі кепска апошнія дні, былі моынця болі, ён ужо больш не хацеў жыць», — распавяла Тамара Казевіч.

    Барыса Кіта пахаваюць на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе каля 30 гадоў таму ён выкупіў участак. Дата пахаваньня пакуль невядомая, пакуль выконваюць патрэбныя фармальнасьці.

    Барыс Кіт — беларускі асьветнік, амэрыканскі навуковец, спэцыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

    Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 году ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і беларуса. Бачыў лютаўскую рэвалюцыю 1917 году. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША.

    Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, шмат якіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднаньняў.

    Ён зьяўляецца суаўтарам падручніка па ракетным паліве Rocket Propellant Handbook (1960 г., у суаўтарстве, якім дасюль карыстаюцца ў амерыканскіх універсітэтах.

    Выгадаваў двух сыноў — Уладзімера, які працаваў у кіраўніцтве амэрыканскага касьмічнага агенцтва НАСА (8 гадоў таму памёр), і Віктара, хірурга ў Балтыморы.

    Апошні час Барыс Кіт жыў у Франкфурце-на-Майне ў прытулку для састарэлых, пасьля пералому шыйкі сьцягна ня мог хадзіць, рухаўся на інвалідным вазку.

    Паводле інфармацыі Белстату, сярод мужчын на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не было людзей, старэйшых за Барыса Кіта.



    * Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

    Рейтинг:

    (0)
    Радыё Свабода — Беларусь   Фото: Радыё Свабода